«Музей Максіма Багдановіча»

Гродзенскі музей Максіма Багдановіча дзейнічае як мемарыяльна-даследчы цэнтр, які збірае інфармацыю аб літаратурна-гістарычных падзеях, звязаных з імем беларускага паэта Максіма Багдановіча, а таксама літаратурнай спадчынай беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў культуры Гродзеншчыны. 3 1986 г. музей займае частку драўлянага дома, забудовы 1888 г. на былой вуліцы Малой Садовай. Экспазіцыя музея складаецца з наступных залаў: «Партрэтная галерэя славутых дзеячаў Беларусі», «Гродзенскі перыяд жыцця сям'і Багдановічаў», «Літаратурна-грамадскі рух у канцы XIX — пачатку XX стст.»; а таксама 4 мемарыяльных пакояў: кабінет бацькі, пакой маці, дзіцячы пакой, гасцёўня. Асобны аддзел «Гродзеншчына літаратурная: мінулае і сучаснае» прысвечаны жыццю і творчасці знакамітых літаратараў Прынёманскага краю. Фонд музея налічвае 14745 адзінак захоўвання. Сярод іх — асабістыя рэчы паэта, дакументы, фотаздымкі, лісты, прадметы быту канца XIX — пачатку XX стст., пісьмовыя сведчанні грамадскага і культурнага жыцця таго часу, а таксама спадчына паэтаў і пісьменнікаў Гродзеншчыны.

Першы нацыянальны форум "Музеі Беларусі". Каталог музеяў. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, 2012.